Блакітныя азёры

ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Блакітныя азёры” быў створаны ў 1972 г. для зберажэння ўнікальнага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і (Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Тут працякаюць рэкі Страча і Лынтупка, а таксама размешчана адметная сваімі глыбокімі катлавінамі і празрыстай вадой Балдуцкая група азёр (Блакітныя азёры) – Балдук, Балдучыца, Вялікі Болцік, Глубля, Глубелька, Ячмянец, Імшарац, Мёртвае і інш. Кожнае з азёр мае сваю асаблівасць: у Глублі зялёна-блакітны колер вады, Балдук самае глыбокае, берагі Глубелькі нагадваюць форму сэрца і г. д. З 1999 г. тэрыторыя ў складзе Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Заказнік ліквідаваны ў 2001 г. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.05.2001 г. № 745). У 2005 г. прыродны комплекс “Блакітныя азёры” быў аб’яўлены ключавой батанічнай тэрыторыяй Беларусі і прылічаны да найбольш каштоўных батанічных аб’ектаў Еўропы.

З-за падабенства ландшафтаў гэтыя мясціны часам называюць беларускай Швейцарыяй. Перапады вышынь могуць дасягаць 50 м. Тэрыторыя пакрыта лясамі, у асноўным хваёвымі і яловымі. На невялікіх участках сустракаюцца таксама бярозы павіслыя, асіны, дубы, вязы. Даследчыкамі падлічана, што тут расце каля 700 відаў сасудзістых раслін, з якіх баранец, венерын чаравічак, мнаганожка, меч-трава, лясны цюльпан, чарнакорань Рупрэхта з’яўляюцца ахоўнымі. Фаўна прыроднага комплексу таксама вельмі разнастайная. Яго насяляюць каля 200 відаў пазваночных жывёл. Сярод ахоўных відаў – буры мядзведзь, рысь, барсук, чорны бусел, шэры журавель, зялёны і беласпінны дзятлы і інш.

Прыгожыя і нехарактэрныя для Беларусі пейзажы і чысціня азёр прывабліваюць сюды шматлікіх турыстаў. На тэрыторыі прыроднага комплексу абсталявана экалагічная сцежка, маюцца турысцкія стаянкі і месцы для адпачынку.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.