Заснавана на розных крыніцах, у тым ліку на беларуска-літоўскіх хроніках. Аўтар выкарыстаў таксама матэрыялы, сабраныя М. Стрыйкоўскім. У творы апісваюцца Польшча, Беларусь, Літва, Украіна, Расія, Татарыя і інш. краіны, прыводзяцца звесткі з грамадзянскай гісторыі, геаграфіі, пра побыт, звычаі і культуру народаў Еўропы, напрыклад, артыкул «Спосаб узорвання глебы і сяўбы на Белай Русі» і інш. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага выкладзена скарочана, пераважна паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца.
Упершыню апублікавана ў 1578 годзе у Кракаве аб'ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стафану Баторыю. Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і Татарыі. Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).
Яшчэ тады Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе яго рукапіс і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 года кароль Стафан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу. Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю, і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні.