Дар'я Домрачава нарадзілася ў 1986 годзе ў Мінску ў сям’і архітэктараў. Праз чатыры гады разам з бацькамі паехала ў Сібір у горад Нягань, дзе і правяла наступныя 15 гадоў. Займалася танцамі і баскетболам, а ў 1992 годзе, услед за старэйшым братам, пачала займацца лыжнымі гонкамі. У 1999 годзе перайшла ў школу біятлона, якая толькі адкрылася ў горадзе. Першым трэнерам спартсменкі па біятлоне стаў Альберт Мусін. У пачатку кар’еры Домрачава выступала за зборную Расіі, але ўжо ў 2004 годзе па запрашэнні старэйшага трэнера жаночай зборнай Беларусі стала трэніравацца і выступаць за айчынную каманду.
Першым буйным міжнародным стартам Дар'і Домрачавай за зборную Беларусі стаў чэмпіянат свету сярод юніёраў 2005 года, дзе яна выйграла спрынт і гонку праследавання, аднак ў першай індывідуальнай гонцы стала толькі 40-й. У Кубку свету спартсменка дэбютавала 1 снежня 2006 года (сезон 2006/07). У рамках першага этапа ў шведскім Эстэрсундзе ў спрынтэрскай гонцы паказала 16-ты вынік (стала другой з пяці беларускіх спартсменак). На юніёрскім першынстве свету 2007 года ёй двойчы ўдалося прыйсці да фінішу другой – у спрынце і праследаванні.
У сезоне 2008/2009 Дар'я Домрачава пачала рэгулярна трапляць у дзясятку лепшых спартсменаў па выніках гонкі. На чэмпіянаце свету 2009 года паставіла рэкорд па колькасці адыграных месцаў у гонцы праследавання сярод жанчын – 48 пазіцый. Праз год ў мас-старце ў Аберхофе Домрачава была лідарам гонкі перад трэцяй стральбой з дастаткова вялікай перавагай. Але тры выстралы былі адпраўлены па чужой мішэні. Зразумеўшы памылку, Домрачава працягнула стральбу па сваёй мішэні, але атрыманыя 4 штрафныя кругі не дазволілі ёй змагацца за перамогу ў гонцы.
У сезоне 2010/2011 Домрачава выйграла два медалі на чэмпіянаце свету ў Ханты-Мансійску – «серабро» ў мас-старце і «бронзу» ў эстафеце. У агульным заліку Кубка свету 2010–2011 гадоў яна заняла 6 месца. У 2010 годзе ў Ванкуверы 23-летняя Дар’я Домрачава таксама заваявала першую алімпійскую ўзнагароду – бронзавы медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км.
Сезон 2011/12 стаў лепшым у кар’еры Домрачавай. У Кубку свету яна ўпершыню на роўных канкурыравала з лідэрам сусветнага біятлону Магдаленай Нойнер. Нойнер аб’явіла сезон 2011/2012 заключным у сваёй кар’еры і імкнулася да перамог ва ўсіх дысцыплінах, але інтрыга ў барацьбе за Вялікі Крыштальны Глобус захоўвалася да канца сезона. Перавага Нойнер у хуткасці была нівеліравана такой жа хуткасцю Домрачавай. У стральбе Домрачава таксама стала значна стабільней. Васемнаццаць разоў яна ўздымалася на п’едэстал гонару ў розных гонках сезона. Упершыню ў кар’еры стала чэмпіёнкай свету, заваяваўшы «золата» ў гонцы праследавання на чэмпіянаце свету ў Рупольдзінгу. Па выніках сезона Домрачава заняла 2 месца ў агульным заліку Кубка свету з адставаннем ад Нойнер у 28 ачкоў, выйграла два Малых Крыштальных Глобусы – у праследаванні і мас-старце, была другой у заліку спрынта і трэцяй у індывідуальных гонках.
Сезон 2013/2014 стаў для Дар'і Домрачавай па-сапраўднаму трыумфальным. 11 лютага 2014 года, выступаючы ў гонцы праследавання на дыстанцыі 10 км на Алімпійскіх гульнях 2014 у Сочы, беларуская спартсменка выйграла першае алімпійскае "золата" ў кар’еры. Займаючы 9 месца і саступаючы па выніках спрынта, Домрачава пасля другой стральбы захапіла лідэрства ў гонцы, прычым далей, пасля кожнага агнявога рубяжа, толькі нарошчвала перавагу. І толькі на апошнім, 4 агнявым рубяжы, лідзіруючы больш чым на 40 секунд, прамахнулася апошнім 20-м стрэлам, што не перашкодзіла ёй выйсці на апошні круг абсалютным лідэрам. 14 лютага Домрачава заваявала другі залаты медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км, дапусціўшы адзін промах на другім агнявым рубяжы і паказаўшы выдатную хуткасць на дыстанцыі. Рэкордную трэцюю ўзнагароду прынесла гонка з масавым стартам, у якой Домрачава зрабіла толькі адзін промах. У той жа дзень Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Дар’і Домрачавай званне «Герой Беларусі».
З-за хваробы спартсменка вырашыла прапусціць сезон 2015/2016. У сувязі з цяжарнасцю і родамі яна таксама прапусціла першыя тры этапы Кубка свету па біятлоне сезона 2016/2017, аднак паспяхова вярнулася ў біятлон 6 студзеня 2017 года на этапе Кубка свету ў Аберхофе. На Кубку свету па біятлоне 2017/2018 Домрачава дабілася некалькіх перамог, апошняя – у мас-старце ў Антхольцы, якая стала яе 30-й перамогай у кар’еры. Усяго ў біятланісткі 75 прызавых месцаў у Кубку свету (30 перамог, 21 серабро, 24 бронзы).
На XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане ў 2018 г. Дар’я Домрачава з партнёрамі па зборнай камандзе па біятлоне Надзеяй Скардзіна, Ірынай Крыўко, Дзінарай Алімбекавай заваявала алімпійскае "золата" ў эстафетнай гонцы 4х6 км. Пераможцы эстафеты рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка былі ўзнагароджаны ордэнамі "За асабістую мужнасць". Таксама на гульнях у Пхенчхане Домрачава стала ўладальніцай сярэбранага медалю ў гонцы з масавым стартам.
Дар’я Домрачава з’яўляецца першай і адзінай у свеце чатырохкратнай алімпійскай чэмпіёнкай у біятлоне, самай тытулаванай спартсменкай у гісторыі сувярэннай Беларусі. У чэрвені 2018 года Дар’я Домрачава аб’явіла аб завяршэнні кар’еры. У верасні 2018 года на кангрэсе Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) яна была ўзнагароджана медалём пашаны IBU.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.