22 чэрвеня 1941 г. войскі фашысцкай Германіі разгарнулі шырокае наступленне на працягу ўсёй заходняй граніцы Савецкага Саюза ад Баранцава да Чорнага мора. Пачалася рэалізацыя “плана Барбароса”, згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці “маланкавую вайну” і адным ударам разграміць СССР. Савецка-германскі фронт, дзе было задзейнічана больш за тры чвэрці ўзброеных сіл Германіі, адразу стаў галоўным тэатрам баявых дзеянняў Другой сусветнай вайны (1939–1945).
На Беларускім напрамку наступала самая магутная групоўка нямецкіх войск – група армій “Цэнтр”, якая ўжо ў першыя дні вайны нанесла знішчальны ўдар па пагранічных заставах, штабах, вузлах сувязі, чыгунках, мастах і раёнах дыслакацыі асноўных часцей і злучэнняў Заходняй асобай ваеннай акругі. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне войск Заходняга фронту, вораг хутка прасоўваўся ўглыб краіны, і да пачатку верасня ўся тэрыторыя Беларусі была акупіравана немцамі.
З першых дзён вайны савецкія салдаты праяўлялі неверагодную мужнасць, стойкасць і гераізм, якія сталі залогам будучай перамогі. Абарончыя баі за Брэст, Магілёў, Гомель, Мінск, гераічная абарона Брэсцкай крэпасці паклалі пачатак зрыву “маланкавай вайны”.
Вялікая Айчынная вайна займае асобае месца ў сусветнай гісторыі. Гэта быў не проста ўзброены канфлікт паміж дзяржавамі, а цэлая эпоха, напоўненая радасцю перамог, гаркотай паражэнняў, вялікімі стратамі, а таксама гераізмам, мужнасцю, самаахвярнасцю савецкіх людзей на фронце і ў тыле. Усё больш і больш аддаляе нас час ад суровых ваенных гадоў, аднак і сёння неабходна памятаць, кім і як быў выратаваны свет ад фашызму.