Пасля разгрому гітлераўцаў пад Віцебскам, Магілёвам і Бабруйскам 4-я нямецкая армія і частка сіл 9-й арміі групы «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы савецкіх войск. Перад чырвонаармейцамі была пастаўлена задача завяршыць акружэнне групоўкі праціўніка і вызваліць сталіцу Беларусі. З гэтай мэтай штабы франтоў распрацавалі Мінскую наступальную аперацыю (праводзілася з 29 чэрвеня па 4 ліпеня 1944 г.). Войскі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І.Д. Чарняхоўскі) 30 чэрвеня фарсіравалі Бярэзіну і пачалі наступленне на Мінск праз Барысаў і Бягомль (вызвалены 1 ліпеня), Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае (вызвалены 2 ліпеня). Байцы 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) прагналі ворага з Любані, Слуцка (30 чэрвеня), Гарадзеі і Стоўбцаў (2 ліпеня). 29-ы гвардзейскі танкавы корпус (камандзір генерал-маёр Я.І. Фаміных) перамясціўся ў раён Заслаўя, дзе перарэзаў аўтамабільную дарогу Мінск – Маладзечна. У напрамку беларускай сталіцы наступалі таксама войскі 2-га Беларускага фронту (генерал-палкоўнік Г.Ф. Захараў), якія знішчылі праціўніка ў Бялынічах (29 чэрвеня), Чэрвені (2 ліпеня) і Беразіно (3 ліпеня). У выніку наступлення савецкіх войск утварыўся Мінскі «кацёл». У акружэнне трапілі галоўныя сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й нямецкіх армій (каля 105 тыс. салдат і афіцэраў). На працягу некалькіх дзён (да 8-га ліпеня) савецкія войскі пры актыўнай падтрымцы авіяцыі вялі цяжкія баі з гітлераўцамі, якія спрабавалі вырвацца з акружэння. Праціўнік страціў больш за 70 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і каля 35 тыс. палоннымі.
Вызваленне беларускай сталіцы пачалося ноччу 3-га ліпеня 1944 г. Напярэдадні перадавыя падраздзяленні 1-га Беларускага фронту абыйшлі Мінск з поўдня і занялі зручныя пазіцыі на яго ўскраінах. Першымі ў горад уварвалася танкавая брыгада падпалкоўніка А.А. Лосіка 2-га гвардзейскага танкавага корпуса (камандзір генерал-маёр А.С. Бурдзейны). Танкісты па Маскоўскай шашы і Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) прарваліся ў цэнтр горада. Потым у Мінск увайшлі злучэнні 3-га Беларускага фронту (часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі маршала бранятанкавых войск П.А. Ротмістраў), падраздзяленні 11-й гвардзейскай і 31-й армій (камандуючыя генерал-палкоўнік К.М. Галіцкі і генерал-лейтэнант В.В. Глаголеў). У другой палове дня Мінск быў вызвалены.
16 ліпеня 1944 г. у горадзе адбыўся мітынг, на якім прысутнічалі І.Д. Чарняхоўскі і кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнка. Урачыстае мерапрыемства завяршылася парадам беларускіх партызан, удзел у якім прынялі некалькі партызанскіх брыгад і атрадаў (больш за 30 тыс. чалавек).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.