Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

Трэці і самы дасканалы збор законаў сярэднявечнай Еўропы, які завяршыў кадыфікацыю права ў ВКЛ

Трэці Статут адзначаецца высокім тэарэтычным узроўнем падрыхтоўкі. Ён уключыў нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не сустракалася ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Дакумент абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне перадавая тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь і адміністрацыйны апарат) і судовую (Галоўны Трыбунал, земскія і падкаморскія суды, якія былі выбарнымі і цалкам незалежнымі ад адміністрацыі).

Звод складаецца з 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці былі юрыдычна замацаваны ў артыкуле 3 раздзела 3, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісвалася забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскай веры. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры ахвоце свабодна выехаць за граніцу, калі гэта рабілася не на шкоду ўласнай краіне.

Статут юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў федэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, закон вызначаў самастойнасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў. Характэрна, што ў Статуце акт Люблінскай уніі не ўпамінаецца, але пры гэтым замацоўваецца праграма аднаўлення ранейшых граніц дзяржавы[7]. Дакумент таксама строга прадугледжваў, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім разе «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».

Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, які ў Статуце называўся гаспадаром. Але многія ягоныя паўнамоцтвы істотна абмяжоўваліся: выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма і вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Закон замацоўваў наяўнасць феадалаў і залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі і маёнткі, а таксама адбіраць іх, нягледзячы на даўнасць уладання (раздзел 3, артыкул 10). Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніўшы сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі могуць браць удзел у абранні гаспадара (раздзел 3, артыкул 2), аднак на практыцы простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі.

Тытульны аркуш Статута 1588 года, выдадзенага ў 1614 годзе на польскай мове
Тытульны аркуш Статута 1588 года, выдадзенага ў 1614 годзе на польскай мове
III Статут Вялікага Княства Літоўскага (Гадуцішкі, 1595 г.), напісаны на старабеларускай мове лацінкай
III Статут Вялікага Княства Літоўскага (Гадуцішкі, 1595 г.), напісаны на старабеларускай мове лацінкай

Выкарыстанне і захаваныя асобнікі

Паколькі Статут з'яўляўся асноўным практычным даведнікам для юрыстаў і чыноўнікаў, кніга каштавала вельмі дорага. У XVII стагоддзі пераплётны паасобнік Статута ВКЛ ацэньваўся ў 7 злотых і 15 грошай, што рабіла яго каштоўным набыткам для любой прыватнай ці ўрадавай бібліятэкі[16]. Вельмі часта для зручнасці карыстання ўласнікі і майстры-інтралігатары перапляталі тэкст Статута пад адной вокладкай з тэкстам Трыбунала 1586 года.

Пасля панавання Расійскай імперыі і СССР на тэрыторыі Беларусі доўгі час не заставалася ніводнага арыгінальнага выдання Статута на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выдання 1594—1595 гадоў размеркаваліся па розных краінах наступным чынам: Расія (11), Польшча (6), Літва (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1).

У 2012 годзе дзякуючы прыватным ахвяраванням адзін з асобнікаў быў выкуплены з расійскага аўкцыёну і вернуты ў Беларусь. 7 чэрвеня 2012 года асобнік Статута выдання 1594—1595 гадоў урачыста перадалі ў Музей гісторыі Магілёва. Яго набылі за 45 000 долараў ва ўласніка маскоўскай антыкварнай крамы, які выставіў кнігу на электронны аўкцыён. На прапанову студэнта 2-га курса гістарычнага факультэта БДУ Андрэя Радкова, які першым заўважыў абвестку пра аўкцыён у інтэрнэце, дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў абвясціў збор сродкаў і сабраў 15 000 долараў ахвяраванняў. З іх 100 000 расійскіх рублёў ахвяраваў маскоўскі беларус Павал Бераговіч. Каб сабраць астатнюю суму, намеснік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў разаслаў лісты кіраўнікам камерцыйных банкаў з просьбай дапамагчы музею. У адказ на зварот кампанія «Альпары» ахвяравала яшчэ 30 000 долараў, неабходных для канчатковага выкупу рарытэта.